конкурс

J4T AWARDS штогадовы конкурс для журналістаў_ак і рэдакцыяў СМІ

Конкурс ладзіцца з мэтай павысіць прафесійныя навыкі працаўнікоў СМІ ў галіне роўнасці і недыскрымінацыі, паспрыяць развіццю сацыяльнай журналістыкі, павысіць пазітыўную бачнасць уразлівых групаў насельніцтва Беларусі.

Намінацыі:

  • Матэрыял на тэматыку роўнасці і недыскрымінацыі

У намінацыі прымаюцца артыкулы / фотарэпартажы / відэаматэрыялы / радыёперадачы, якія прасоўваюць ідэю роўнасці і недыскрымінацыі ўразлівых сацыяльных групаў у беларускім грамадстве.

Пераможцу вызначыць журы, у склад якога ўвойдуць рэдактаркі і рэдактары беларускіх СМІ. Лаўрэаты_ткі конкурса атрымаюць ганаровыя граматы і адмысловы прыз. Пераможца будзе мець магчымасць узяць удзел у асветніцкай паездцы ў адну з краінаў Еўропы ў 2025 годзе. У 2024 годзе пераможца наведаў Еўрапрайд у Салоніках, у 2023 Еўрапрайд у Бялградзе.

Сярод пераможцаў конкурса мінулых год такія беларускія журналісты_ткі як Саша Камко, Ірына Новік, Алена Кавальчук, Вераніка Уласевіч, Наталля Касцюкевіч, Улад Швядовіч.

  • Рэдакцыя года 

У намінацыі можа быць вылучаная рэдакцыя СМІ, якая ў сваіх матэрыялах прасоўвала ідэі роўнасці ды інклюзіі, распавядала пра праблемы, з якімі сутыкаюцца прадстаўнікі ўразлівых групаў у Беларусі і краінах рэлакацыі.

Пераможца выбіраецца праз галасаванне прадстаўнікоў НДА і індывідуальных актывістаў, якія працуюць з тэмай інклюзіі ўразлівых груп.  Рэдакцыя-пераможца конкурсу атрымае ганаровую грамату і адмысловы прыз.

Сярод пераможцаў мінулых гадоў – аналітычны партал «Заўтра тваёй краіны», інтэрнэт-газета «Салідарнасць», анлайн-часопіс 34Mag, інтэрнэт-выданне kyky.org, партал TUT.BY, партал EX-PRESS.BY, Hrodna.life.

  • Асоба года 

Адмысловая намінацыя J4T за ўнёсак у развіццё ініцыятывы і праваабарончага руху ў Беларусі. Лаўрэата вызначаюць сябры каманды Праваабарончай ініцыятывы “Журналісты за талерантнасць”.

Вынікі прэміі 2024 года будуць абвешчаныя не пазней 20 снежня.