Адзін з заснавальнікаў «Школы маладога журналіста» Вітаўт Руднік апавядае, як за 7 месяцаў у Гродна можа выгадаваць новую генерацыю журналістаў.
Тэмаў было шмат, а кадраў мала
Школа сучаснай журналістыкі, раней вядомая як Школа маладога журналіста, паўстала ў 1997 годзе, калі ў Гродне з’яўвіўся пул новых медыяў ды грамадскіх арганізацыяў. “Амаль паўсюль адчуваўся дэфіцыт журналістаў. Тэмаў было шмат, а кадраў мала. Старая школа не забяспечвала патрэбы новых рэдакцыяў. І намі было прынятае рашэнне стварыць школу, якая будзе хутка рыхтаваць новых аўтараў”, — расказвае Вітаўт Руднік у інтэрв’ю для J4T.
Выпускнікамі першага эксперыментальнага набору, які доўжыўся 3 месяцы, сталі каля 20 чалавек, некаторыя з якіх дагэтуль працуюць у беларускіх і замежных медыя.
З восені 1997 г. Школа працуе ў фармаце 7-мі месячнага курса.
Заснавальнікі Школы таксама хацелі зрабіць так, каб праз журналістыку моладзь больш ведала пра свой горад, больш актыўна ўдзельнічала ў мясцовых грамадскіх ініцыятывах.
Хто вытрымлівае, застаюцца ў журналістыцы
У 2004-2006 гг. дадалася трэцяя мэта Школы.
“Тады пачалі актыўна закрываць незалежныя выданні («Пагоня», «Биржа информации») і мы вырашылі стварыць, як нам тады падавалася, часовы інтэрнэт рэсурс «Твой стыль». Асноўнымі яго задачамі былі даць маладым журналістаў магчымасць практыкавацца, а таксама палепшыць інфармаванасць насельніцтва пра тое, што адбываецца ў горадзе і краіне”, — кажа Вітаўт Руднік.
Меркавалася, што гэта будзе вучэбны прадукт, но так сталася, што «Твой стыль» пераўтварыўся з часам у паўнавартасны гарадскі рэсурсы, які цяпер называецца Hrodna.Life.
За гэты час Школа выпусціла каля 480 чалавек, кожны чацверты з выпускнікоў усцяж звязаны з працай у медыях.
Галоўная асаблівасць навучальнага курсу — магчымасць практыкавацца ўжо з першых дзён навучання. Навучэнцы пішуць свае тэксты, атрымліваюць кансультацыі ад выкладчыкаў Школы і ўжо праз паўгадзіны, пасля ўзгаднення з рэдактарам, матэрыял з’яўляецца на сайце. Паводле спадара Рудніка, тыя, хто вытрымлівае такі рытм, застаюцца ў журналістыцы.
Што такое добра і што такое дрэнна ў кантэксце журналістыкі
У нашым навучальным курсе есць блок, які называецца “Прававыя і этычныя аспекты працы журналіста”. Таму, што для журналістаў са стажам падаецца відавочным, пачаткоўцаў трэба вучыць. З гэтай нагоды ў Школе лічаць важным уключаць у навучальны курс і этычныя аспекты працы. Разбіраюць канкрэтныя выпадкі як з беларускага досведу, так і міжнародныя. Так бы мовіць што такое добра і што такое дрэнна ў кантэксце журналістыкі.
“Тэма мовы варожасці скразная на працягу ўсяго курсу. Напрыклад, яна закранаецца падчас навучання тэхнікам інтэрв’ю. Да прыкладу, разбіраем, якія тэрміны трэба ўжываць, калі рыхтуеш тэкст пра людзей з інваліднасцю. Ці праводзім асобныя заняткі пра тое, як пісаць на рэлігійную тэматыку. Гэтыя тэмы адчувальныя. Важна казаць пра тое, што хвалюе людзей з сацыяльна ўразлівых груп, чым менавіта яны жывуць, бо гэта паўнавартасныя чальцы нашага грамадства”, — распавядае Вітаўт Руднік.
Паводле назіранняў нашага суразмоўцы, паміж этыкай, хайпам і аператыўнасцю моладзь усе ж абірае этыку.
“Гэта мяне цешыць, нягледзячы нават на тое, што часам аўтары губляюць больш часу на падбор вобразаў, тэрміналогіі ды адбор фота, чым мне бы хацелася, — кажа адзін з заснавальнікаў Школы спадар Руднік. — У тым ліку, каб у гэтых тэкстах не было мовы варожасці”.
Што да рэдпалітыкі, то Вітаўт Руднік за натуральнасць:
“Я быў бы рады, калі б у рэдакцыі натуральным чынам узнікала б дыскусія адносна ўнутраных рэгулятараў, у тым ліку этычных. Тады есць спадзеў, што гэта будзе працаваць. Таму што калі гэта рабіць толькі як даніну модзе, маўляў, у адных есць рэдакцыйная палітыка, таму і нам трэба зрабіць, хай ляжыць на стале — такога эфекту не будзе”.
Адзінае, што можа рабіць, напрыклад, БАЖ ці грамадзянскай супольнасці, гэта паказваць, чаму рэдакцыйная палітыка можа быць карыснай, але распрацоўку такога дакуманта нельга гэта зрабіць стандартам для ўсіх, заключае наш суразмоўца.