Праваабарончая ініцыятыва “Журналісты за талерантнасць” абвяшчае конкурс для журналістаў_ак і рэдакцыяў СМІ - J4T AWARDS
Конкурс ладзіцца з мэтай павысіць прафесійныя навыкі працаўнікоў СМІ ў галіне роўнасці і недыскрымінацыі, паспрыяць развіццю сацыяльнай журналістыкі, павысіць пазітыўную бачнасць уразлівых групаў насельніцтва Беларусі.
Намінацыі:
- Матэрыял на тэматыку роўнасці і недыскрымінацыі ўразлівых групаў
У намінацыі прымаюцца артыкулы / фотарэпартажы / відэаматэрыялы / радыёперадачы, якія прасоўваюць ідэюроўнасці і недыскрымінацыі ўразлівых сацыяльных групаў у беларускім грамадстве, якія былі апублікаваныя з 1 лістапада 2022 года па 31 кастрычніка 2023 года. Адзін аўтар можа падаць на конкурс не больш за тры працы. Спасылку на матэрыял неабходна накіраваць на адрас info@j4t.by з пазнакай “Матэрыял на сацыяльную тэматыку” не пазней як 20 лістапада 2023года. У лісце таксама трэба ўказаць імя і прозвішча і кантактныя дадзеныя (Тэлеграм / Сігнал).
Пераможцу вызначыць журы, у склад якога ўвойдуць рэдактаркі і рэдактары беларускіх СМІ.
Лаўрэаты_ткі конкурса атрымаюць ганаровыя граматы і адмысловы прыз. Пераможца будзе мець магчымасць узяць удзел у асветніцкай паездцы ў адну з краінаў Еўропы ў 2024 годзе.
Сярод пераможцаў конкурса мінулых год такія вядомыя беларускія журналісты_ткі як Алена Кавальчук, Вераніка Уласевіч, Наталля Касцюкевіч, Улад Швядовіч, Вікторыя Біран, Алеся Песенка, Вольга Шукайла, Яўген Казарцаў.
- Рэдакцыя года
У намінацыі можа быць вылучаная рэдакцыя СМІ, якая ў 2022 годзе ў сваіх матэрыялах прасоўвала ідэі роўнасці ды інклюзіі, распавядала пра праблемы, з якімі сутыкаюцца прадстаўнікі ўразлівых групаў у Беларусі, а таксама на вымушанай рэлакацыі.
Намінанты могуць быць высунутыя прадстаўнікамі грамадзянскай і журналісцкай супольнасці, а таксама чытачамі / гледачамі / слухачамі СМІ.
Для вылучэння рэдакцыі неабходна запоўніць наступную форму да 20 лістапада 2023 года.
Пераможца будзе вызначаны метадам галасавання сярод праваабарончых НКА, якія працуюць з уразлівымі групамі насельніцтва. Рэдакцыя-пераможца конкурсу атрымае ганаровую грамату і адмысловы прыз.
Сярод пераможцаў мінулых гадоў – аналітычны партал «Заўтра тваёй краіны», інтэрнэт-газета «Салідарнасць», анлайн-часопіс 34Mag, інтэрнэт-выданне kyky.org, партал TUT.BY, партал EX-PRESS.BY, Hrodna.life.
- Асоба года
Адмысловая намінацыя J4T за ўнёсак у развіццё ініцыятывы і праваабарончага руху ў Беларусі ў 2022годзе. Лаўрэата вызначаюць сябры каманды Праваабарончай ініцыятывы “Журналісты за талерантнасць”.
Вынікі прэміі будуць абвешчаныя 10 снежня 2023 года.