Не ўсе групы уразлівага насельніцтва ўспрымаюцца аднолькава, часам прысутнічаюць стэрэатыпы і прымхі у стаўленні да пэўных катэгорый людзей, спрэчная лексіка ўспрымаецца як нейтральная, але інфармаваць грамадства варта пра жыццё і патрэбы усіх групаў.
Грамадская ініцыятыва “Людзі перадусім” (#peoplefirst) ажыццяўляе даследаванне таго, як журналісты і рэдактары ставяцца да людзей з розных уразлівых групаў. У міжнарожны дзень талерантнасці разважаем над папярэднімі вынікамі анлайн-апытання, у якім на сёння ўзялі удзел 28 супрацоўнікаў розных – электронных і папяровых, сталічных і мясцовых – беларускіх СМІ. Спасылка на апытанне распаўсюджвалася праз суполкі БАЖ і J4T у фэйсбуку, то бок загадзя зразумела, што на пытанні пра тое, якім людзям з уразлівых групаў трэба надаваць больш увагі і падтрымкі, адказвалі дасведчаныя ў тэме талерантнасці рэдактары і журналісты.
З атрыманых дадзеных вынікае, што сярод супрацоўнікаў беларускіх СМІ склаўся кансэнсус наконт таго, якое насельніцтва можна лічыць уразлівым, то бок дзяржава і грамадства павінны прыкладаць асаблівыя намаганні, каб гэтыя людзі маглі жыць у роўных умовах з іншымі, – людзей з інваліднасцю, людзей з псіхічнымі або разумовымі парушэннямі, людзей з ВІЧ, анкапацыентаў і людзей без грамадзянства. Большасць журналістаў і рэдактараў прызнаюць уразлівымі групамі і іншыя катэгорыі насельніцтва за выняткам цыганоў. Але разам з тым, заўважная частка журналістаў ці рэдактараў (блізу двух з дзесяці) адмаўляюцца ставіцца да ЛГБТ, людзей у канфлікце с законам, людзей з алкагольнай залежнасцю і цыганоў як да людзей з уразлівых групаў.
Трэба адзначыць, што досвед пісання пра прадстаўнікоў розных групаў не ўплывае на стаўленне да іх як да ўразлівых ці не ўразлівых. З аднаго боку, зусім няшмат апытаных журналістаў і рэдактараў працавалі над матэрыяламі пра людзей з ВІЧ ці бежанцаў, але, тым не менш, лічаць гэтых людзей уразлівымі. З іншага боку, адносна вялікая колькасць апытаных працаўнікоў СМІ пісалі пра ЛГБТ, людзей у канфлікце с законам, людзей з алкагольнай залежнасцю, і ўсё ж не гатовыя аднесці гэтых людзей да ўразлівага насельніцтва.
У значнай ступені на стаўленне з боку журналістаў і рэдактараў да людзей з розных групаў уплываюць стэрэатыпы і прымхі. Самы тыповы ў грамадстве стэрэатып – “яны самі вінаватыя ва ўласных праблемах” – звычайна не характэрны ў стаўленні журналістаў і рэдактараў да людзей з большасці уразлівых групаў. Напрыклад, толькі адзін з кожных дзесяці удзельнікаў апытання згодны з тым, што людзі з ВІЧ самі вінаватыя, ці только двое з кожных дзесяці гатовыя пагадзіцца, што бежанцы або людзі без грамадзянства вінаватыя ў сваім становішчы. Але калі гаворка заходзіць пра людзей у канфлікце с законам ці людзей з алкагольнай залежнасцю, тут ужо больш за палову журналістаў і рэдактараў згодныя, што прадстаўнікі гэтай катэгорыі насельніцтва самі вінаватыя ў сваім становішчы.
Аднак дадзеныя даследавання фіксуюць значна больш небяспечную прымху ў стаўленні да людзей з уразлівых групаў – імкненне ў пэўнай ступені ізаліяваць асобныя катэгорыі насельніцтва. Індыкатарам такого імкнення у апытанні сталася згода з адным ці двума сцверджаннямі: “мне не хацелася б працаваць у адным кабінеце з асобай з гэтай групы людзей” і “лепш, калі дзеці з гэтай групы людзей будуць навучацца асобна ад астатніх дзяцей”. Мы бачым, што пэўны страх узаемадзеяння прысутнічае нават у стаўленні для людзей з “безумоўна” ўразлівых груп – а менавіта, людзей з ВІЧ і людзей з псіхічнымі ці разумовымі парушэннямі.
Адным з пытанняў даследавання была ацэнка стаўлення журналістаў да лексікі, якая па меркаванні экспертаў, часам можа спрыяць стыгматызацыі ўразлівага насельніцтва. Папярэднія вынікі даследавання паказваюць, што карэляцыі паміж выкарыстаннем некарэктнай лексікі і прысутнасцю стэрэатыпаў няма – то бок, нават тыя журналісты і рэдактары, якія карыстаюцца карэктнай мовай у дачыненні людзей з уразлівых групаў, могуць прытрымлівацца пэўных прымхаў.
Такім чынам, палова апытаных лічыць цалкам прымальнымі выразы тыпу “інвалід-вазчнік” ці “хворы на ДЦП” у бок людзей з інваліднасцю. Таксама значная частка працаўнікоў СМІ дапускаюць ужыванне выразаў “наркаманы”, “ВІЧ-інфекаваныя”, “алкаголікі”, “сексуальныя меншасці” і гэтак далей.
Апошняе пытанне, на якое адказвалі журналісты і рэдактары СМІ, было пра тое, ці варта інфармаваць грамадства пра жыццё і патрэбы прадстаўнікоў уразлівых групаў насельніцтва ў беларускіх СМІ (у газетах, на тэлебачанні, па радыё, у інтэрнэце).
Відавочна, што, хаця і з рознай упэўненасцю, журналісты і рэдактары СМІ лічаць вартым інфармаваць грамадства пра жыццё ўсіх уразлівых групаў. Гэта не можа не выклікаць удзячнасці і надзеі.