Гісторыя
— Калі не памыляюся, то далучыцца да J4T мне прапанаваў мой калега і сябра Андрусь К. Мне спадабалася сама ідэя такой суполкі, каб засяродзіцца на тэме талерантнасці на асобнай прафесійнай пляцоўцы дзеля абмену думкамі.
J4T – гэта магчымасць дзяліцца атрыманай інфармацыяй на тэму талерантнасці, больш даведвацца пра тое, як гэтая тэма асвятляецца ў іншых медыях і краінах. Гэта таксама магчымасць пазнаёміцца з тымі калегамі, якім гэтая тэма неабыякавая.
“Нацыя не можа быць талерантнай”: 1990 vs 2020
Праблема талерантнасці існавала заўжды. Але, па-першае, у той час само гэтае паняцце было практычна невядомае, па-другое, трэба ўзгадаць, што ў 90-я ў Беларусі адбывалася трансфармацыя грамадства з камуністычнага ў дэмакратычнае (прынамсі да 1995 году, да першага рэферэндуму) з усімі сатрасеннямі і шокамі ў сацыяльным, ідэалагічным і эканамічным плане. Таму, па вялікім рахунку, тады было “не да талерантнасці”, калі ў большасці ў галаве – дзе і як зарабіць на хлеб і дзе ды за што купіць у што апрануцца. Так што не хапала часу, візуальнай актуальнасці, у рэшце рэшт, 30 гадоў таму проста бракавала тых, хто б займаўся гэтай тэмай, а таксама пляцовак, на якіх бы гэтая тэма асвятлялася.
Журналістыка ў цэлым ніколі не была цалкам талерантнай, не з’яўляецца такой і сёння. І не можа быць, бо ўсё ж існуе такое паняцце, як свабода слова, і кожны мае права на свае погляды і іх выказванне, у тым ліку і журналісты. Ёсць шмат прыкладаў, калі даволі вядомыя журналісты не адпавядаюць паняццю талерантнага прафесіянала ці проста талерантнага чалавека. Для кагосьці талерантнасць норма, для кагосьці – парушэнне асабістых прынцыпаў і поглядаў, і з гэтым цяжка змагацца, хаця можна.
— У назве ініцыятывы есць слова “талерантнасць”… А беларусы – талерантная нацыя? Ці гэта стэрэатып?
— Нацыя не можа быць талерантнай ці неталерантнай, тут гаворка ідзе пра кожнага асобнага чалавека. Таму сама пастаноўка пытання мне падаецца памылковай.
“Перспектывы ёсць заўжды”: пра тое, што змянілася…
Змянілася ўжо тое, што пачала гучаць сама гэтая тэма. Што пачалося ўсведамленне таго, што талерантным быць не заганна, а правільна, што сама талерантнасць неадрыўная ад правоў чалавека. І сёння, адрозна ад 90-х гадоў, гэта пачынае разумець усё больш як людзей уцэлым, гэтак і журналістаў у прыватнасці. І штосьці мяняецца не ў самой талерантнасці, але ва ўспрыняцці яе як такой, як проста аб’ектыўнай неабходнасці.
Перспектывы для паляпшэння ёсць заўжды. Цяжка стартаваць, але потым, калі набіраецца хада, справа развіваецца ўжо па нейкай інерцыі.
“Ганаровым быць ганарова”
Ганаровым быць ганарова і прыемна амаль заўжды. Таксама прыемна ўзгадаць мінулае і пачаткі. Можна ўзгадаць і сустрэчы з калегамі, дыскусіі, сумесныя семінары па тэме талерантнасці як у Беларусі, гэтак і па-за яе межамі, новыя знаёмствы з цікавымі людзьмі, аднадумцамі.
Шакуючыя сустрэчы з калегамі, якія распавядаюць пра праблемы ў “гарачых” для паняцця талерантнасці рэгіёнах, як то ў Чачні. Ёсць шмат чаго, што, магчыма, на дадзены момант забылася, але час ад часу зноў усплывае ў галаве.
Тое, што ў суполцы “Журналісты за талерантнасць” ужо так багата ўдзельнікаў, з’яўляецца сведчаннем таго, што гэтая справа патрэбная і актуальная. Вада камень точыць, таму і нашы высілкі ў “прабіванні” кансерватызму і псіха-маральнай заскарузласці грамадства недарэмныя.