HUKANNE — гэта медыя-спецпраект, створаны квір-беларус:камі пра досвед ЛБК-супольнасці. Назва адсылае да старадаўняга беларускага абраду гукання вясны, калі людзі выходзілі на ўзвышшы і гучнымі песнямі клікалі вясну і лета, час пераменаў і адраджэння. У гэтай традыцыі асаблівая роля належала жанчынам, якія першымі пачыналі спяваць вяснянкі і весці карагоды. Таму праект быў скіраваны менавіта на фемінны спектр квір-супольнасці — лесбіянак, бісексуальных і квір-жанчын, чые галасы занадта часта застаюцца не пачутымі.
Гуканне заўсёды было калектыўным дзеяннем: мноства галасоў злівалася ў адзіны хор, які клікаў вясну. Гэтая метафара набыла асаблівую моц пасля 2020 года, калі многія квір-беларус:кі былі вымушаныя з’ехаць у эміграцыю. Тыя, хто з’ехалі, і тыя, хто засталіся, да гэтага часу «пераклікаюцца» паміж сабой праз адлегласці, падтрымліваючы сувязі і захоўваючы адчуванне адзінай супольнасці нягледзячы на траўму выгнання і разрывы.
Язычніцкая прырода свята таксама мае важнае значэнне для сімволікі праекта. Гуканне вясны — гэта шматбожны і шматгалосы абрад, адкрыты да іншасці і разнастайнасці. Ён супрацьпастаўлены патрыярхальнай культуры аднаго «манамужчынскага» бога і ў гэтым пераклікаецца з квірнасцю, якая пацвярджае права на рознасць, множныя ідэнтычнасці і свабоду быць сабой.
Заклік вясны адначасова быў і заклікам лета — чаканнем пераменаў і цяпла. Лета — гэта час, калі журавы вяртаюцца дадому, і гэтая метафара асабліва моцна гучыць для квір-беларус:каў у эміграцыі: яна нагадвае пра надзею вярнуцца — да сваёй зямлі, сваёй культуры, сваёй супольнасці.
HUKANNE стала хронікай і прасторай абмену, у якой фіксуецца, як квір-беларус:кі перажываюць чарговы крызіс у гісторыі краіны. У ім узнімаліся тэмы беларускай ідэнтычнасці, сталення і старэння, квір-мацярынства, пошуку месца квір-беларус:аў у гісторыі і ў памяці пра Халакост, досведу гвалту ўнутры сям’і і шляху да прыняцця сябе. Ён быў скіраваны да больш сталай аўдыторыі, якая не толькі знаходзіць і адкрывае для сябе сваю ідэнтычнасць, але і ідзе далей — у яе даследаванне, у асэнсаванне ўласнага досведу з розных станоў і перспектыў, з розных кропак на карце.
HUKANNE стала сімвалам калектыўнага голасу, які аб’ядноўвае тых квір-беларус:аў, хто застаўся ў краіне, і тых, хто быў вымушаны з’ехаць. Яно стварае агульнае поле памяці і надзеі, дзе жаночыя і квірныя галасы гучаць на поўную сілу, пераклікаючыся скрозь час і адлегласці. Сам акт гукання тут ператвараецца ў метафару выжывання, салідарнасці і будучыні.



