
Гісторыі, якія робяць уразлівыя групы бачнымі: вынікі J4T AWARDS 2025
30/12/2025
Праваабарончая ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» падвяла вынікі J4T AWARDS – штогадовага конкурсу для журналістаў_ак і рэдакцыяў СМІ, які накіраваны на павышэнне прафесійных стандартаў у асвятленні тэмаў роўнасці, недыскрымінацыі і правоў уразлівых групаў у Беларусі.
Конкурс ладзіцца з мэтай развіцця сацыяльнай журналістыкі, падтрымкі інклюзіўнага падыходу ў медыя і павышэння пазітыўнай бачнасці розных уразлівых супольнасцяў. У 2025 годзе журы разглядала матэрыялы, апублікаваныя з 1 лістапада 2024 да 31 кастрычніка 2025 года.
У longlist J4T AWARDS 2025 увайшло 57 адзінак кантэнту – тэксты, падкасты і відэа. Свае працы падалі 24 аўтары і аўтаркі, а таксама творчыя калектывы.
22 матэрыялы былі прысвечаныя тэме ЛГБТК+, 9 – пра вымушаную міграцыю, 6 – пра гендэрную роўнасць. Іншыя тэмы, на якія прадстаўлены конкурсныя матэрыялы ўключалі пытанні ментальнага здароўя, інваліднасці, ВІЧ+, расізму, харасмэнту, эйджызму, палітвязняў, рэлігіі і паўнамаштабнай вайны Расеі ва Украіне.
Намінацыя «Найлепшы матэрыял»
У гэтай намінацыі прымаліся артыкулы, фотарэпартажы, відэаматэрыялы, падкасты і радыёперадачы, якія прасоўваюць ідэі роўнасці і недыскрымінацыі.
1-е месца
Марына Міхайлава, онлайн-медыя «Салідарнасць».
Матэрыял: «Когда я получил первый отказ, думал: может, это со мной что-то не так, я недостаточно подробно рассказывал на интервью, растерялся, не был убедителен?».
Гісторыя беларускага ЛГБТК-актывіста, які больш за два гады спрабуе атрымаць міжнародную абарону ў Балгарыі. Нягледзячы на адказы судоў, ён не здаецца.
2-е месца
Аліса Сармант, Анна Сергеевіч, матэрыял апублікаваны на сайце TG House – беларускай транс-арганізацыі.
Матэрыял: «Идентичность под запретом: почему ЛГБТК+ сообщество в Беларуси стало объектом репрессий?»
Аўтаркі сабралі сведчанні беларускіх квір-людзей, якія сутыкнуліся з затрыманнямі, гвалтам, сфабрыкаванымі абвінавачваннямі і вымушанай эміграцыяй. Асабістыя гісторыі дапоўнены каментарамі экспертаў і міжнародных ЛГБТК+ арганізацый.
3-е месца
Кацярына Кулакова, онлайн-медыя «Салідарнасць».
Інтэрв’ю з ВІЧ-актывісткай і кіраўніцай фонду Step by Step пра дыскрымінацыю, з якой сутыкаюцца ВІЧ+ людзі ў Беларусі і эміграцыі, а таксама пра наступствы знішчэння некамерцыйных арганізацый у краіне.
Пераможцаў вызначыла журы, у склад якога ўвайшлі рэдактаркі і рэдактары беларускіх СМІ.
Першыя тры месцы будуць узнагароджаны ганаровымі граматамі, а пераможца атрымае адмысловым прыз: удзел у асветніцкай паездцы ў адну з краінаў Еўропы ў 2026 годзе.
У 2025 годзе прызам было наведванне Еўрапрайду ў Осла, у 2024 – Еўрапрайд у Салоніках, у 2023 – Еўрапрайд у Белградзе.
Асоба года
Аліса Сармант (TG House) – пераможца адмысловай намінацыі J4T за сістэмную падтрымку ЛГБТК+ супольнасці ва ўмовах рэпрэсій і вымушанай міграцыі. Пераможца адыгрывае значную ролю ў арганізацыі эвакуацыі ЛГБТК+ людзей, якія апынуліся ў небяспецы, суправаджае працэсы адаптацыі пасля пераезду, а таксама ініцыюе і каардынуе адукацыйныя, інфармацыйныя і падтрымліваючыя анлайн- і афлайн-мерапрыемствы.
Праца Алісы Сармант спрыяе ўмацаванню салідарнасці, павышэнню бачнасці праблемаў уразлівых групаў і абароне правоў ЛГБТК+ людзей у Беларусі і за яе межамі.
Лаўрэатку вызначылі сябры каманды праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць».
Рэдакцыя года
У 2025 годзе намінацыя «Рэдакцыя года» не была прысуджаная, бо ніводная з рэдакцый не набрала істотнай перавагі падчас галасавання прадстаўнікоў НДА і індывідуальных актывістаў.
Журналісты за талерантнасць – гэта праваабарончая арганізацыя, заснаваная ў 2009 годзе групай незалежных беларускіх журналістаў, працуе дзеля развіцця культуры талерантнасці і інклюзіўнасці ў беларускім грамадстве і супольнасцях праз змяненне камунікацыйных практык і павышэнне пазітыўнай бачнасці ўразлівых груп у культурнай і медыйнай прасторы.




